05.02.1915 ***, ***, Германія
Далёка на поўнач і далёка на поўдзень выцягнулася лінія акопаў па замёрзлых, заснежаных балотах. Сонца ходзіць над зямлёй, а то снег на яе сыплецца, а то дождж, часам сівер падзьме, а ў акопах жывуць людзі, адарваныя ад родных хат нямаведама чыёй воляй, і не надта добра разумеюць, чаго яны тут. Не разумее гэтага і радавы Кутаіскага палка Вінцэсь Шастак, хаця і тлумачылі яму, што бароніць ён ад прусакоў цара і айчыну. І сніць часам радавы Вінцэсь Шастак свой узгорак з вясёлай хатай з вокнамі на раку, танкатварую маленькую Марылю і тое, як туліцца яна да яго дужых грудзей, быццам малое дзіця. І яшчэ сніць ліпу пры хаце і тое, як з ліповага цвету пчолкі бяруць узяток. Вось гэта ўсё разумее радавы Вінцэсь Шастак, гэта яго роднае, гэта, мусіць, і ёсць айчына. І калі прусакі хочуць пазбавіць яго гэтага ўсяго – і хаты з ліпай, і Марылі, і руплівых пчолак, дык ён будзе сядзець у акопах, дармо, што студзёна; а калі за цара, дык ён гэтага не зразумее, няхай бо цар бароніцца сам. Часам прачынаецца Вінцэсь і, утаропіўшы вочы ў драўляны накат над галавой, думае аб тым, што жыццё ідзе марна. Як ён жыве? Расціў братоў і сясцёр, змалку пасвіў свіней, потым араў, баранаваў, сеяў, касіў, спаў у начлезе – калі адзін, а калі з дзеўкамі, патрохі піў, патрохі гуляў, зваліўся аднаго разу з азярода, але, падняўшыся з зямлі, яшчэ дужэйшы стаў, нібы, упаўшы на зямлю, ад яе ўвабраў дужасці. Ні разу не давялося пабіцца ні на кірмашы, ні на сяле, ніхто і не зачапіў ніколі. Што ж значнага зрабіў ён у сваім жыцці? Марудна варочаюцца цяжкія ад сну думкі, як жорны. Ажаніўся нарэшце, як і кожны жэніцца. Тры разы будаваўся… І тут яму прыходзіць заспакаенне – будавацца, мусіць, І ёсць прызначэнне чалавеку, будавацца, ствараць. Але кароткае было гэтае заспакаенне: з глыбінь дужага цела, як пухіркі паветра з самага дна віру, падымаецца туга – па Марылі, якую пакінуў цяжкой, па хаце, па ліпе. “У сакрэт!” – цёмнай ноччу, па цёмна-сінім снезе паўзуць яны ў поўнай выкладцы – туды, да лініі германскіх акопаў, каб нешта ўбачыць, нешта выведаць, каб пераняць, калі выпадзе, каго з прусакаў.
Разам з ім – украінец, і хоць зваць яго Апанасам, усе клічуць яго Грыцу, бо ён, калі толькі не спіць, спявае ўсё адну і тую ж песню пра Грыца. Вось яны дабіраюцца-ткі да зацярушанага снегам стажка. Украінец адразу ж выбірае рукамі ў стажку яміну, залазіць у яе і кажа: “Лезь, тут цёпла, паспім.” – “А калі прусак?” – пытаецца Вінцэсь, а той смяецца і кажа, што прусаку да яго справы няма, і неўзабаве засынае. А Вінцэсь стаіць ля стажка, умінаючыся спінай у яго, глядзіць перад сабой – у цемру, у неба, у непарушнасць начы. Мароз-ткі нарэшце залазіць у боты, пад анучы, спачатку, як бы гуляючы, пашчыпвае пальцы, не раўнуючы жарабё – балуючыся, хопіць за вуха ці за руку зубамі. Потым ужо добра ўшчарэпіцца за пальцы, і трэба паварушыць імі, каб не застывалі. Нарэшце і гэта не памагае – прыходзіцца патупацець на месцы, адчуваеш – гарачая хваля падымаецца ад пальцаў аж да кален. Трэба, аднак і вінтоўку паставіць да стажка, каб абагрэць рукі. Эх, гэты Грыцу, спіць, як на печы, нават пасвіствае носам. Толькі ён важыцца паставіць вінтоўку, як бачыць, што паўзе да стажка нешта чорнае – прусак! Будзіць таварыша позна, трэба стаіцца. Бясформенны жмут набывае чалавечыя абрысы, і чалавек гэты паўзе да стажка. Падпусціўшы яго зусім блізка, Вінцэсь Шастак кідаецца на яго і дзівіцца, што той не бароніцца. Прачынаецца Грыц і кажа нарэшце: “ От і добра!”- бярэ нямецкую вінтоўку сабе на плячо, і падштурхоўваючы прусака штыком, яны паўзуць у свае акопы.
Такой была першая воінская доблесць радавога Кутаіскага палка Вінцэся Шастака, і з гэтага часу такую вайну ён упадабаў. Ён цяпер выходзіў на паляванне і адзін, і ваеннае шчасце хадзіла з ім упоруч – заўсёды вяртаўся са здабычай, даставаў “языка”. І ён так думаў: калі цягнуў на хату бярвенні адзін ці каменні на падмурак, дык трэба была кемнасць, як аднаму зацягнуць на ўзгорак ці вялікі камель, ці цяжкі камень, і гэтая кемнасць памагала адужаць тое, чаго, здавалася, і не патрапіць зрабіць адзін чалавек. І цяпер патрэбна такая ж кемнасць, каб перахітраваць ворага так, як паляўнічы перахітроўвае дзічыну. Ён так захапіўся гэтай вайной, што найлепш за яго ніхто ў роце не выконваў асобных заданняў.
Нарэшце георгіеўскі крыж упрыгожыў яго грудзі.
Але праходзіла зіма, сінелі, падтаваючы на сонцы, снягі, абляцеў з алешніку ды стажка снег, і яны цяпер стаялі чорныя і ўзмроку былі падобны да людзей.
10.10.2016 в 14:32
|