20.09.1914 Гасцілавічы, Мінская, Беларусь
Так непрыкметна для Вінцэся падняліся браты і сёстры. Міхась прывёў жонку, адгулялі Аляксандрава вяселле, потым Вацікава, а дзяліцца – не дзяліліся, усё адкладалі і нажывалі ў адно, толькі куфраў панастаўлялі ды Вацік спаў з маладой жонкай у сенечках. Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў, дык ён такі і пераклаў. Гаспадарка добра ішла: браты, іхнія жонкі, сёстры рабілі ўсё, што трэба, аднак – пыталіся часта парады, усё, мусібыць, больш для парадку, чым для патрэбы. Буланае жарабё. Якога пусціў гадаваць Вінцэсь, вырасла ў цягавітага канька, і гаспадар уздумаў прызвычаіць яго спакваля да работы – як абсеяліся, пачаў вазіць на ўзгорак бярвенні. “Вінцэсь хату будаваць будзе, - казалі на сяле. – Гэта ж трэба было маладзейшым з гнязда вылятаць”.
Але Вінцэсь не слухаў гэтага: з таго часу, як пабудаваў хату для сям’і, вырашыў, што на ўзгорку побач паставіць хату сабе. І спакваля, у вольны час, цясаў лес, клаў бервяно да бервяна – на высокім каменным падмурку, пры старой ліпе, якая тут расла, падняўся ладны зруб аж пад страху. Любіў Вінцэсь прыходзіць сюды і, лежачы пад ліпай, думаць. Сюды, пад ліпу, прыходзілі часам і дзяўчаты, адбіўшыся ад сябровак, што спявалі на аселіцы пры маладзіку. Адна, Наста, хадзіла аж два гады, ссохлася ўся, перасцярогу забыла, на сяле пачалі плявузгаць – мэнчыцца дзеўка. Нарэшце прыступілася і запытала – дакуль? А ён, смеючыся сваімі зялёнымі вачыма, сказаў: возьме не таго, хто хоча, а таго, каго хоча. Наста ўзнялася, як вецер перад навальніцай, не азірнуўшыся, сышла з узгорка. Было гэта ўвосень, а мясаедам пайшла за ўдаўца-хутараніна Гойку. Парабкаваць, а не жыць, казалі, бо ўзяла Наста за ўдаўцом траіх дзяцей. “Мусіць, бабылём будзе жыць”, - не сунімаліся на сяле, але толькі меншы брат Васіль покуль што ведаў, што Вінцэсь пачасціў на выган. Пасвіць свінні? Васіль аж заходзіўся ад смеху. Не! Прыйдзе брат, сядзе пад плотам, у зубах – травінка, сядзіць і глядзіць. Там часта пасе свінні дачка Кожуба, Марыля. Гадоў ёй шаснаццаць, але не трымаць жа ў хлеве свіней, калі ў сям’і малых няма. І, лёгшы аднаго разу за плот, Васіль падслухаў. “Сватоў прышлю”, - казаў брат. Марыля маўчала. “Баішся мяне?”- Марыля адказала, быццам злякаўшыся: “Ага”. – “Аюц вон!” – крыкнуў тут Вінцэсь на парсюка, што лычам поркаў яго ў ногі. Не, ён не паслаў сватоў, а сам пайшоў да Кожуба і спытаўся, ці аддадуць за яго Марылю. Чаму не, адказалі бацькі, з радасцю, хіба не ведаюць на сяле, што гэта за хлопец – Вінцэсь. Але памяркуй сам, добры чалавек, дзяўчыне яшчэ толькі шаснаццаць, хоць бы год перачакаць. Ён згадзіўся, больш не заходзіў і Марылі не пытаўся, а ўсё здалёк, бывала, гляне на яе, і вочы пры гэтым са светлых робяцца цёмна-зялёнымі, як у рацэ вада. І ведала Марыля: гэта яе лёс.
А праз год яны выпілі сваю гарэлку, ятроўкі паслалі ім пасцелю за пераборкай, Вінцэсь прыйшоў да яе і пры святле месяца ўбачыў яе бледны вузкі твар – як нежывы. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Маладая ўзняла да яго твар – столькі ў ім было просьбы! – і сказала: “Толькі не тут…” – першае, што сказала за ўсё вяселле. Вінцэсь кінуўся ў сенечкі, там ужо разбіралася Вацікава жонка, пакружыў, як паранены воўк, па сядзібе – усюды былі п’яныя госці, вясёлыя бабы. Ён зноў кінуўся ў хату. Марыля стаяла на парозе, аблітая месяцам, ён схапіў яе, панёс на свой узгорак, да падведзенай пад страху хаты. Там апусціліся яны на свежы мох; яна, маленькая, прытулілася да яго, і ён не крануў яе ў тую ноч. А ўжо назаўтра адна думка свідравала яго мозг – хутчэй бы дабудаваць хату, і ён узяўся за тое, што рабіў спакваля і гуляючы, зацята, з нейкай вясёлай злосцю. Марыля памагала яму, хоць і не было ў гэтым пільнае патрэбы. Аднаго разу, калі яны насілі на гару зямлю, з-пад ракі паднялася да хаты Наста – за год яна зрабілася круглай, мажной, надта прыгожай. “Бог помач!” – прапяяла яна і, бліскаючы чорнымі вачыма на Марылю, праплыла, калышучы сцёгнамі, у сяло. А яшчэ праз тры дні ўначы загарэлася новая хата, і, тушачы, вянцы парасцягалі п аўзгорку, аж да падмурка. Вясёлая злосць змянілася пахмурай рашучасцю – трэці раз будаваўся Вінцэсь. Браты, па маўклівай згодзе, самі прыйшлі падсабляць, і на месцы спаленай вымахнула вялікая высокая хата. Адны казалі - Наста сурочыла, іншыя проста – падпаліла. З тае пары хутаранка на сяло не прыходзіла. Усё было гатова ў новай хаце – цесляры толькі дабудоўвалі ганак, аж прыйшлося Вінцэсю пайсці на вайну – “і раз, і два, і гора не бяда, салавеюшка жалабна пяе…”
10.10.2016 в 14:26
|