Autoren

1484
 

Aufzeichnungen

204190
Registrierung Passwort vergessen?
Memuarist » Members » Baris_Mikulich » Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 5

Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 5

18.03.1915
***, ***, Германія
У цэнтры Вінцэсь Мікуліч (Шастак)

Ваеннае шчасце не пакідала Вінцэся, але гэтак жа не пакідала яго туга яго па родным сяле. Аднаго разу ўдзень, калі неба было зусім па-вясноваму сіняе, увайшла гэтая туга ў яго, пасялілася ў сэрцы, і не было больш ад яе спакою,і ўсё рупіла чалавеку нешта рабіць, кудысьці ісці, чагосьці дасягаць. Якраз паклікалі яго да ротнага. Радавы Вінцэсь Шастак стаяў перад ротным навыцяжку і слухаў, як той марудна гаварыў пра тое, што, значыць, немцы пойдуць ў наступленне, што, значыць, і рускія пойдуць у наступленне, што, значыць, генерал Брусілаў спадзяецца на харобрасць ніжніх чыноў, што, адным словам, ён загадвае Вінцэсю Шастаку прабрацца ў раён варожых умацаванняў і дасць “ языка”. Радавы даў пад казырок і, крута павярнуўшыся, выйшаў выконваць загад. У тую ж ноч ён прывёў немца, і на гэты раз дзівячыся, як лёгка яны здаюцца  ў палон; але, хаця і пахвалілі яго, загадалі ісці зноў, бо прыведзены немец аказаўся кашаварам. Ушчэнт раззлаваны здарэннем, Шастак вырашыў зрабіць так, каб слава аб ім пранеслася па акопах – з краю ў край. Не дачакаўшыся, пакуль добра сцямнее, ён вылез з акопа, падаўся крута на поўдзень, прапоўз полем да вялікага гаю. А ў гаі стаў на ногі і паўшоў. Ён ішоў не спяшаючыся, прыслухоўваючыся да цішыні, нарэшце крута павярнуў на поўнач, разлічыўшы, што лінія нямецкіх акопаў асталася ззаду. На ўскраі лесу ўгледзеў ён агеньчык, вырашыў – леснікова хата, і паўшоў на яе.

Неўзабаве ён стаяў перад акном і бачыў хату, стол, за сталом - нямецкага афіцэра. Дзесяцілінейная лямпа добра асвятляла стол, на якім ляжалі паперы, папяросы, пісталет, стаяла недапітая шклянка чаю, над сталом – стомлены зялёны твар немца, ужо немаладога, лысага, досыць тоўстага, а насупраць – рускага салдаціка. Салдацік быў русявы, невялікія вусікі над верхняй, па-хлапечаму пухлай губой, надта падобны на брата Ваціка. Падабенства гэтае штырханула думку, як на вялікдзень варанае ў цыбуліных шалупайках яечка дзюбнецца аб другое і доўга яны яшчэ коцяцца адно за адным; думкі абудзілі ўспамін, і, як бліскавіца, бліснула перад яго вачыма тое, пра што тужыў: Марыля, яе спалохана-перапрашальны позірк, ліпа, уся   залатая ад руплівых  працавітых пчол… “Гэта якраз тое, што мне трэба”, - і ён, абегшы хату, ступіў у сенечкі, пхнуў дзверы, прайшоў праз асветленую ліхтаром пярэднюю, дзе сядзелі пры сцяне нямецкія салдаты, і,  нікім не затрыманы, прычыніўшы за сабой дзверы, паўстаў перад зялёным тварам нямецкага афіцэра. Той палыпаў на яго вачыма, быццам хацеў прачнуцца: толькі ў сне палонны можа падвоіцца, аднак двайнік, не знікаў, і, зусім здэтанаваны, афіцэр спытаўся: “Адкуль ты?” Вясёлая злосць кіпела ў сэрцы, як медавуха, гатовая плескануць цераз краў, і сказаў радавы Кутаіскага палка Вінцэсь Шастак:

       Рускі салдат і праз агонь пройдзе, і з зямлі падымецца, а да прусака ўваб’ецца. Вылазь! – і ён паказаў афіцэру штыком на акно.

Першы палез салдацік з нямецкім пісталетам, за ім – афіцэр, а апошні Вінцэсь, згробшы ў кішэні ўсё, што было на стале. Перасекшы гай, спыніліся. Тады афіцэр сказаў да іх: вайне скора канец. Кайзер задушыць рускіх. Яшчэ тыдзень-другі – і на рускіх сыпане жалезны град, газ, рушаць незлічоныя палкі. Навошта ім, маладым і дужым людзям, рызыкаваць жыццём? Ён, барон, дасць такую паперу, што іх ніхто не кране, яны паедуць у яго маёнтак, і слугі будуць ім мыць ногі і частаваць півам, а потым – яны вольныя рабіць, што хочуць. Русявы салдацік сказаў: “Навошта ён табе? Адпусці ці забі яго. Каму ты служыш? Царскім афіцэрам, якія гнояць цябе ў акопах. А не, дык паслухайся яго, чалавек усім святым клянецца…” І сказаў тады радавы Кутаіскага палка Вінцэсь Шастак: “І ты гаворыш па-руску, і немец гаворыць па-руску, аджа словы ў вас у абодвух – не рускія. Думаў, да брата майго меншага падобны, ды памыліўся. Ты не з нашага коласа зерне”.  І, выбіўшы з рук салдаціка пісталет, загадаў ім: ісці!

А як выйшлі яны на поле, іх намацалі пражэктарам і пачалі засыпаць кулямі, і стралялі з двух бакоў – і немцы, і свае. Адна куля трапіла салдаціку ў нагу, ён заенчыў і пакаціўся ў снег, вінавацячы Вінцэся ў сваёй бядзе. Тады Вінцэсь загадаў немцу цягнуць на сабе параненага, і так аж у поўдзень дапаўзлі яны да рускіх акопаў. Другая куля трапіла Шастаку ў плячо, каля самай шыі, але ён не надаў увагі, бо не было калі.

 

Потым, як ляжаў ён у шпіталі, прыходзілі на яго дзівіцца – і паненкі, і пажылыя панкі, і пісьменнік Неміровіч-Данчанка, а нарэшце прыехала вялікая княжна Таццяна і спыталася, чаго ён хоча. А ён, стомлены славай, роспытамі і тугой, адказаў: “Хачу дабудаваць хату…” Вялікая княжна падаравала герою маленькі абразок, і, атрымаўшы водпуск, Вінцэсь Шастак паехаў на пабыўку ў родныя Гасцілавічы.

10.10.2016 в 14:35


Присоединяйтесь к нам в соцсетях
anticopiright Свободное копирование
Любое использование материалов данного сайта приветствуется. Наши источники - общедоступные ресурсы, а также семейные архивы авторов. Мы считаем, что эти сведения должны быть свободными для чтения и распространения без ограничений. Это честная история от очевидцев, которую надо знать, сохранять и передавать следующим поколениям.
© 2011-2024, Memuarist.com
Rechtliche Information
Bedingungen für die Verbreitung von Reklame