30.09.1942 Гасцілавічы, Мінская, Беларусь
Нехта з сяла (здагадваліся, што Ігнась Анцаловіч, гультаяваты прайдзісвет, які неяк сказаў, што “цяпер канец Шастакоўцы”) шапнуў у паліцэйскае вуха, што кароў адагнаў Вінцэсь. Па яго прыйшлі і, груба пхнучы аўтаматамі ў спіну, пагналі ў мястэчка. “Чорныя бобікі” здзекваліся з яго ўсю дарогу, пыталіся, ці не адкажа ім чаго з гаспадаркі, а Вінцэсь Шастак, трохі сагнуўшы спіну, але не ад старасці, а больш ад цяжкіх думак і пагарды да гэтых нямецка-фашысцкіх прыслужнікаў, ішоў моўчкі – той самай дарогай, па якой калісьці вёз яго брат Васіль у воласць, на вайну з прусакамі. У калідоры былога райвыканкама да старога прысунуўся царкоўны стараста, местачковы жыхар, з вялікімі, як у папа, гладка прычасанымі валасамі, і, ківаючы галавой на дзверы, на якіх была чорная шыльда з надпісам “камендант”, прашаптаў – у голасе былі і павага, і страх, і захапленне, і разуменне няўхільнасці: “О-о! Гэты Карл Оперман – о-о!..” Вінцэсь пераступіў парог, быццам той быў не драўляны брус, абшарпаны ботамі, а нейкі рубеж, які лёг паміж рознымі светамі, паміж вялікімі адценкамі гісторыі, паміж родам Шастакоў і родам Оперманаў… У ім, у Карлу Оперману, спалучылася з радавітай дзябёласцю зялёнае аблічча і лысіна аднаго брата з свілаватасцю таўстога носа, які павіс над таўстагубым ротам. Перад Вінцэсем Шастаком – тут не магло быць памылкі! – быў апошні з трох Оперманаў, той самы Карл, які, быццам тхор, рыў зямлю Расіі, каб падпільнаваць вялікую ноч і гэтай ноччу вылезці з зямлі, схапіць за горла ахвяру – і баляваць, і панаваць…
Перад Вінцэсе Шастаком – тут не магло быць памылкі! – быў яго крэўны вораг, і лёс сутыкнуў іх на звілістых жыццёвых сцежках, каб адзін з іх астаўся на гэтых сцежках, а адзін – саступіў. Перад Вінцэсем Шастаком, старым салдатам і працавітым гаспадаром, стаяў цяжкі іспыт, і яго трэба было прайсці беззаганна. Камендант адарваў свой вялікі нос ад папер на стале і злоснымі, калючымі вачмі, якія не мелі пэўнага колеру і былі ў чырвоных кружках, да якіх, як хвальбоны да таліі, збягаліся зморшчыны твару, доўга ўзіраўся ў Вінцэся Шастака і нарэшце выгаварыў.
Цяжка было даць веры, што гэта гаворыць чалавек – то каркала хрыплае вараннё, калі камендант злаваў, то шыпела гадзюка, калі камендант улагоджваў, то заходзіўся шакал, калі камендант смяяўся. Дзе Гойка – Шастак не ведае, дзе каровы – таксама, хто з сяла пайшоў у партызаны – і пытацца няма чаго. Карл Оперман ведае ўсё гэта, але Карл Оперман ведае таксама і тое, што Вінцэсь Шастак быў калісьці ў Германіі і бачыў, як вядзецца там гаспадарка, што Вінцэсь Шастак быў старшынёй калгаса – не, не! Ён разумее, што яго прымушалі бальшавікі, - і мае вялікі вопыт у гаспадаранні. Карл Оперман мог бы яго расстраляць, павесіць, але гэта ніколі не позна. Камендант прапануе сумленна служыць, арганізаваць перавозку фермы сюды, у мястэчка, бліжэй да гарнізона; ён дасць загад, каб кожная вёска паставіла па дзесяць кароў, а ён, Шастак, будзе даглядаць за гаспадаркай і забяспечваць немцаў малочнымі харчамі. Што – ён адмаўляецца? Ён лічыць сябе старым? Карл Оперман нават узняўся з месца, абышоў стол і, кратаючы пальцам Вінцэсеву руку вышэй локця, загаўкаў шакалам: “Ошэн карашо!..
Апублікавана 10.10.2016 в 15:33
|