аўтараў

1484
 

падзей

204190
Рэгістрацыя Забыліся пароль?
Memuarist » Members » Tamara_Sokolova » Застаўся ў памяці маёй - 3

Застаўся ў памяці маёй - 3

14.04.1949
Лагойск, Мінская, Беларусь

У 1946 годзе адразу пасля вызвалення Барыс адправіўся ў Ашхабад, да сваёй старэйшай сястры Каці. На жаль, яе фатаграфіі ў нас не захавалася. Дзіцячы пісьменнік В. Юрэвіч, мой сусед па Вайсковаму завулку, успамінаў, што Каця была вельмі прыгожая і добра спявала, была опернай артысткай. (З 1962 года я жыла ў Мінску па завулку Вайсковаму, дзе жыў і Барыс Мікуліч, а праз дарогу ад яго знаходзіўся дом З. Бядулі, з якім ён сябраваў). У Каці Барыс пражыў усяго паўгода, а ў 1948 годзе сястра разам з дзецьмі трагічна загінула падчас землятрусу. Малодшая сястра Барыса Марыя пасля смерці маці жыла ў Бабруйску ў сярэдняй сястры Жэні — настаўніцы Парыцкай школы, а пазней — у Мінску ў Барыса Мікуліча. Яна мне расказвала, што вучылася ў мінскай школе №20 па праспекце Незалежнасці побач з плошчай Якуба Коласа. З сястрой Барыса Марыяй мы часам падтрымлівалі сувязь, але паколькі ва ўсіх былі ўжо свае семі, клопаты  — не так часта, як хацелася б цяпер. Пасля Мінска яна зехала ў Бабруйск, дзе ў яе былі сябры, але бабруйчане яе сустрэлі неветліва пасля апублікавання «Аповесці для сябе», дзе згадваліся непажаданыя для некаторых моманты.

Пасля другога арышту Барыса вясной 1949 года бабуля, як магла, падтрымлівала яго. Памятаю, як рыхтаваліся тварожныя сыры для адпраўкі ў Сібір, папярэдне высушыўшы іх у печы, каб не папсаваліся ў дарозе. Барыс Мікуліч успамінае, як дораг быў яму гэты клопат, хоць “каменныя посныя сыры было цяжка есці”, бо яны не паддаваліся размачванню. Бабуля была непісьменная і не магла пісаць лісты. Гэта я, васьмі-дзевяцігадовая дзяўчынка, пад дыктоўку бабулі пісала яму лісты дзіцячымі крамзолямі. Адзін з такіх лістоў, на шматку паперы са школьнага сшытку ён вельмі бярог. Гэты ліст пасля смерці Барыса яго жонка разам з іншымі паперамі даслала Муры, якая і перадала яго мне, але на жаль, ён дзесьці згубіўся.

 

Памятаю, як ён дасылаў віншавальныя паштоўкі і пісаў: “И вечный бой! Покой нам только снится!”.  Як я цяпер разумею, гэтыя фразы з яго любімага Аляксандра Блока, на якога ён быў падобны знешне. Гэтымі ж словамі я падпісвала потым віншавальныя паштоўкі сябрам, думала, што так трэба, але мяне не разумелі. Малалетнія сваякі з Лагойска і Бабруйска таксама ўспаміналі, што Барыс Мікуліч пры сустрэчы заўсёды навучаў: “Учиться! Учиться!”. Барыс быў даволі сціплы ў побыце і добразычлівы да навакольных. Калі да яго ў Мінск прыязджалі сваякі з вёскі Церахавічы, апранутыя ў “кажух”,  не па гарадскому, пляменнік і сябар Антон Мікуліч саромеўся іх, адводзіў у бок, Барыс жа быў ветлівы, усюды суправаджаў, не саромеючыся.

Апублікавана 10.10.2016 в 12:03

Присоединяйтесь к нам в соцсетях
anticopiright Свободное копирование
Любое использование материалов данного сайта приветствуется. Наши источники - общедоступные ресурсы, а также семейные архивы авторов. Мы считаем, что эти сведения должны быть свободными для чтения и распространения без ограничений. Это честная история от очевидцев, которую надо знать, сохранять и передавать следующим поколениям.
© 2011-2024, Memuarist.com
Юрыдычная інфармацыя
Умовы размяшчэння рэкламы
Мы ў сацсетках