авторов

1474
 

событий

202030
Регистрация Забыли пароль?
Мемуарист » Авторы » Baris_Mikulich » Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 9

Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 9

07.10.1915
Гасцілавічы, Мінская, Беларусь

Ляжаў Вінцэсь Шастак у тую ноч у каморцы пры канюшні, прыслухоўваўся да таго, як ядуць коні авёс, углядаўся ў невялікае акенца пад столлю – і не было сну. Ён узнімаўся, хадзіў па канюшні, выходзіў на двор – была ясная ноч і халодныя, нянаскія зоры. Па якіх і разабраць, ці скора прыйдзе світанне, не надта разбярэш,- і не было спакою. Недзе ў багне Мазурскіх балотаў гніюць братавы косці, а ён, Вінцэсь Шастак, мусіць дагаджаць ворагу. Як жа так? Як магло здарыцца, што воінская доблесць рускага салдата апаганена і аплёвана? І ці было гэта ўсё – вялікая княжна, вядомы пісьменнік, Георгій, панкі і паненкі, кароткая пабыўка ў Гасцілавічах? І ці было гэта ўсё – святая адвага ў сэрцы, якая прымусіла пераступіць парог лесніковай хаты, прайсці праз пакой напоўнены нямецкімі салдатамі, паўзці пад кулямі з тымі двума?.. Усё гэта – марна. Ён кружыў па дварэ, як паранены воўк, нарэшце, каб супакоіцца, пайшоў у невялікі дамок, дзе складаўся ўсякі дробны інструмент  і  дзе спаў Сяргей. Маленькі агеньчык у шчыліне застаўленага шчытам акна – саломіна, за якую ўхапіўся Вінцэсь. Ірвануў дзверы, пераступіў парог. Цёмныя вочы глядзелі на яго – ці спалохана, ці запытальна, разгледзець не было як, бо на твары, асветленым знізу маленькай газоўкай, краталіся цені – ад носа, ад вусоў, ад брывей. Не спіцца, чытае. “Ат, кніжку з сабой важу… Евангелле…” – “А ну, пачытай!” – “Но да будет слово ваше: “да, да”, “нет, нет”; а что сверх этого, то от лукавого. Вы слышали, что сказано: “око за око і зуб за зуб”. А я говорю вам: не противься злу. Но кто ударит тебя в правую щеку твою, обрати к нему и другую”. Чытаў Сяргей, мякка вымаўляючы рускія гукі, так, як Вінцэсь гэтага не ўмеў. Вока за вока – гэта ён разумеў, а пачутае пра шчаку – узбунтавалі пачуцці. А калі ў  левую далі і ў правую, што тады падстаўляць, што рабіць? Цьмяныя словы, пустыя словы. Не тое, не тое! Сяргей узяў з падлогі газоўку і падняў яе над галавой, быццам хацеў асветліць Вінцэсеў твар. Цені зніклі, і твар палоннага ў жоўтым святле газоўкі ўразіў Вінцэся сваёй чыстатой і зусім хлапечым здзіўленнем. Вінцэсь спыніў крокі, апусціўся на падлогу і зазірнуў Сяргею ш вочы. І на момант здалося, што вочы зніклі, абедзве пары вачэй зніклі, а асталося залатое ззянне глыбіні, якую і завуць чалавечай душой. І, як на споведзі, шэптам выкладаў Сяргей тое, што даляцела з суседняй эканоміі ад такіх жа палонных: аб’явіліся ў арміі бальшавікі – яны не гавораць “но кто ударит тебя в правую щеку твою, обрати к нему и другую”, яны гавораць зусім іншае – скора канец вайне.

Калі?

 

Ён разумеў, што Сяргей у параўнанні з ім, Вінцэсем, зусім маладзёнак, можа аднагодак Ваціку, але ўсё, што чуў тут ад яго, усё, што бачыў у хлапечых вачах, прывярнула Вінцэсева сэрца да яго, і ён сказаў, што не мае сілы чакаць. Ідзе ў супольнікі. Не чакаць, а сустракаць тое, чаму суджана быць. Помсціць за братаву кроў, за зганьбаваную святую адвагу. У зялёных, як у рацэ вада, вачах гайсанулі агеньчыкі, не, не агеньчыкі, а жывыя катышы з сонца, і якраз у гэты момант моцныя рукі сустрэліся ў згодным поціску…

Опубликовано 10.10.2016 в 14:43
anticopiright Свободное копирование
Любое использование материалов данного сайта приветствуется. Наши источники - общедоступные ресурсы, а также семейные архивы авторов. Мы считаем, что эти сведения должны быть свободными для чтения и распространения без ограничений. Это честная история от очевидцев, которую надо знать, сохранять и передавать следующим поколениям.
© 2011-2024, Memuarist.com
Idea by Nick Gripishin (rus)
Юридическая информация
Условия размещения рекламы
Поделиться: