20.07.1944 Гасцілавічы, Мінская, Беларусь
Калі мінулася ноч, якую меліся назваць “новым парадкам”, першым у сяло вярнуўся Вінцэсь Шастак. Пакутліва цяжкім быў гэты зварот: змяртвелая чорная роўнядзь слалася перад вачыма старога гаспадара, голыя ўзгоркі, як бясплодныя спарышы, узвышаліся каля ракі, рэдкія печы на папялішчы варожа цікавалі ягоную хаду. Сцішак панаваў у свеце, хоць і грымела недзе на тэрыторыі ворага. Можна было суцешыць сябе святамі і доўгачаканым адпачынкам у родных хатах, але іх не было, яны дымам і попелам узняліся ў паветры. І зразумеў Вінцэсь Шастак, што свята для яго – у будаванні. Потым зашумела папялішча, як месца, дзе ў вясновы пералёт сядаюць птушкі, заварушыліся руплівыя людзі, прыступіліся да старога – пытанні, парады, планы; і ён, стары Вінцэсь, адарваў свае думкі ад цёмнай схоўні, да якой яны лучыліся, узяў сякеру і пайшоў - жыць. Жыць давялося спачатку ў зямлянках. Але адразу ж, як абсеяліся, пачалі валіць лес, вазіць яго; з цэнтра, апрача грошай і матэрыялаў, прыслалі машыну, а неўзабаве паведамілі, што прыгоняць кароў і трэба для іх рыхтаваць памяшканне. Зноў праз цэлы дзень хадзіў старшыня з краю ў край “акопаў”, як празваў ён земляныя Гасцілавічы, з каго смяяўся, каго суцяшаў. А нявестку замест таго, каб усцешыць, прабраў, што не кіне плакаць па Алёшку; падганяў Стэфу з праектамі новай фермы і сам паехаў іх зацвярджаць, бо Стэфа прыйшла з лесу цяжкой – вось гэта добра, нам змена надта патрэбна! Але большы клопат быў, каб хутчэй замест зямлянак зноў паўстала чарада вясёлых дамкоў, і каб былі яны такія трывалыя, прасторныя… Неўзабаве прыехала дачка Каця, пагасцявала тыдзень і сказала, што едзе ў Латвію, там ў яе “друг”, потым прыехаў пляменнік Пятро, Міхасёў сын, з адарванымі пальцамі, надумаў ажаніцца. А Сашкі ўсё не было – ён быў аж у Берліне. З Пятром-ткі прыйшлося пасварыцца дзядзьку. Ён, русавалосы, танканосы, як і ўсе Шастакі прыйшоў аднаго разу да будаўніцтва фермы да дзядзькі запрашаць на вяселле. “Дзе ж вы гуляць яго будзеце?” – “ У мястэчку”. Зялёныя, як вада ў рацэ вочы, затрымаліся на ордэнах і медалях, якія былі на Пятровым фрэнчы. Пятро казаў, што і жыць у мястэчку збіраецца, бо тут няма дзе. “Будуйся!” Не, гэты клопат не для яго, у яго… Ён падняў руку, быццам Вінцэсь Шастак не ведаў, што ў яго адарваны пальцы. Дзядзька ўсадзіў сякеру ў бервяно, выпрастаўся і раптам глуха і хрыпла пачаў выгаворваць пляменніку. Ён хоць і герой, хоць і змагаўся за бацькаўшчыну, але разважае не надта спагадна Вінцэсю. “Вунь глянь на дзядзьку, якія яселькі ды кармушкі робіць, а адной рукой, горш, чым без пальцаў, як перабіты прут. А мэблю з клубе помніш?” – і ён нават злёгку штырхнуў пляменніка ў бок Ваціка. Не, на вяселле ў мястэчка ёне не паедзе, няма часу, ды і не яму, старому, з маладымі бегаць, а ім бы, маладым, хінуцца да старых, каб і тым, і другім было лепш і лягчэй жыць. Пятро паціснуў сваімі высокімі плячыма і, пасміхаючыся сціху, пайшоў ад дзівака-дзядзькі. А той хвіліну глядзеў яму ўслед, але, прызнацца, не бачыў яго. Было такое адчуванне, быццам нага з цёплае летняе вады ступіла на сцюдзёнае дно. Ідуць гады!... Але-ткі яшчэ раз прыйшлося Пятру прыйсці да дзядзькі і на гэты раз прасіць яго, каб той… быў сватам. Нявеста раптам заявіла жаніху, калі дзядзька не згаджаецца на вяселле, дык яна таксама “перадумала”. “Павар’яцелі вы тут за час вайны дый годзе! Гэта ж і слухаць не хоча, а ўсё крычыць - нікуды з Гасцілавіч не паеду!” Пятро пасміхаўся, але па тонкіх вуснах яго, якія надумысля складаліся ў тонкую ўсмешку, было відаць, што яму не да смеху. “Ну, ваяка, ты заваяваў Вену, а не дасі рады калгаснай дзяўчыне, нявесце?” Яны, стары і малады, паселі на бярвенні, пагутарылі, як сябры. Вінцэсь Шастак казаў, што Кацю ён не меў права затрымліваць, бо справы кахання і дружбы – гэта справы кожнага чалавека паасобку, і з ботамі ў пачуцці не палезеш. Яе муж ці там друг жыве ў Латвіі, ну, дык, канешне, трэба ехаць. А за які белы свет збірацца яму, Пятру? Нявеста тут. Рука? Ды разам са сваякамі і суседзямі яму будзе лягчэй, а работы глянь ты колькі, патрэбны вучоныя людзі, асабліва – салдаты, іх умельства, нельга, каб кідалі старых і малых. Вось чаму і не трэба ўцякаць з сяла. А-а! Ён і не збіраецца ўцякаць? Ну, тым лепш. Ён выпадкам не маракуе ў элетрычнасці? Дык хай жа бярэцца яе аднаўляць! Гэта ж трэба стварыць такія ўмовы, каб жылося ў “Заветах Ільіча” лепш і прыгажэй, як да вайны, а для гэтага, ведама, не ехаць адсюль, а брацца за працу трэба. Увечары жаніх і нявеста прыходзілі дзякаваць за параду, і як пайшлі яны, “сват” астаўся адзін, сам-на-сам са сваім горам; успомніўся Алёшка, прыгадалася Марыля, астаўся са сваёй надзеяй – убачыць сына Сашку, што ў Берліне… І другое крыху сцішыла першае, але не настолькі, каб зусім сплыло з памяці.
І каб канчаткова адагнаць цяжкія думы, засвяціў лямпу і разгарнуў на нізкім стале пяцігадовы план “Заветаў Ільіча”; перад разумовым зрокам старога дбайнага чалавека паўстала дзівосная панарама маладога і вечна творчага жыцця…
Апублікавана 10.10.2016 в 15:39
|