аўтараў

1484
 

падзей

204190
Рэгістрацыя Забыліся пароль?
Memuarist » Members » Baris_Mikulich » Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 11

Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 11

05.11.1917
Гасцілавічы, Мінская, Беларусь

Крохкі лёд каляін, рудае іржэўе шнуроў, залатая сцяна гаю і нарэшце – родныя Гасцілавічы, а на тым канцы, пры рацэ, два ўзгоркі, як спарышы, і на абодвух – хаты, збудаваныя ягонымі рукамі. Спыніўся салдат на выгане, зняў з галавы фуражку, даў паклоны ў тры бакі, дакрануўшыся рукой пры трэцім паклоне зямлі. Што такое Савецкая ўлада? Улада рабочых і сялян, улада гасцілавіцкіх мужыкоў. Вітанне вам, хлебаробы! Дзень  добры, старая ліпа! Бог помач, маладзіцы! Спрацаваліся без мужыкоў, нагаварыліся! Не плач, Марыля, я цэлы і дужы, прагавіты да працы і да любай жонкі…

 

З торбы дастаў колькі драбкоў цукру – адзін сыну, адзін дачцэ – нічога, што яшчэ зубоў няма, ён салодкі, няхай смокча. А гэтыя – пляменнікам… Васіль пастаяў хвілін  дзесяць, а потым заспяшаўся з хаты – увечары прыйдзе, ахвота пра ўсё паслухаць, а цяпер- гаспадарка. Любоўным позіркам праводзіў меншага брата: гаспадар, галава, халера!.. Сеўшы на лаве, паклаўшы свае цяжкія, вялікія рукі на белы стол, упіваўся Вінцэсь шчасцем адпачынку ў роднай хаце,  кідаючы зялёным вокам на Марылю. А яна, частуючы, гэтак жа гляне на яго, на шырокія грудзі і плечы, на пісяг пад самай шыяй, на ўсё яго хоць і пастарэлае, але дужае, надта любае ёй цела. І ні скаргі, ні жаласлівага слова, ні цяжкага ўздыху, ні горкага папроку – от, ведама, білася, дзяцей гадавала, Алёшка скора пасабляць будзе, свінні пагоніць, глядзіш – і лягчэй будзе. “Васіль памагаў, ён спраўны хлопец, не сорам братам у вочы глянуць. Трэба ажаніць яго, як сыдуцца ўсе… Аляксандрава жонка надумала была пагуляць, але мы яе засарамацілі; кінула, дачку гадуе, і на сяле благога не гавораць пра нашу сям’ю”. Марыля падала палатняную кашулю, нагавіцы: “Сама, як умела, пашыла, выбачай”, - і на бледным твары зайграла лёгкая чырвань, як у дзяўчыны… Эх, жонка любая!.. І на пахучым сене знайшоў у тую ноч салдат Вінцэсь Шастак узнагароду за ўсе свае пакуты.

Апублікавана 10.10.2016 в 14:48

Присоединяйтесь к нам в соцсетях
anticopiright Свободное копирование
Любое использование материалов данного сайта приветствуется. Наши источники - общедоступные ресурсы, а также семейные архивы авторов. Мы считаем, что эти сведения должны быть свободными для чтения и распространения без ограничений. Это честная история от очевидцев, которую надо знать, сохранять и передавать следующим поколениям.
© 2011-2024, Memuarist.com
Юрыдычная інфармацыя
Умовы размяшчэння рэкламы
Мы ў сацсетках