аўтараў

1484
 

падзей

204190
Рэгістрацыя Забыліся пароль?
Memuarist » Members » Baris_Mikulich » Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 8

Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 8

05.10.1915
Гасцілавічы, Мінская, Беларусь

А ў панядзелак яшчэ двое работнікаў пайшло з эканоміі на фронт. Цяпер не смяяўся Вінцэсь, ён разумеў гаспадарову да яго спагаду. Прайшло лета, праходзіла восень, а Вінцэсь Шастак круціўся-круціўся, аднак – стома не брала яго аж да цямна. Пад бляшаныя дахі панакладзена канюшыны, люцэрны, турнэпсу, буракоў, сілосныя цагляныя вежы панабіваны сакоўнай раслінай… Стала так, што паменшала работы, а вечары падоўжалі, і зноў туга апанавала Вінцэся Шастака. Быццам хмель прайшоў, быццам чалавек кружыўся-кружыўся, а поты стаў і лыпнуў вачыма на свет, і свет, што кружыўся ў супрацьлеглым кірунку, паківаўся і спыніўся. Убачыў – быццам упершыню – Шастак рудыя ад вячэрняга густога сонца будыніны, тлустых вераб’ёў, фарбаваныя ў зялёны колер дахі, глянуў на ўсё гэта цвярозым вокам і зразумеў, што нажыта ўсё дабро потам і жыламі такіх, як ён, палонных салдат. А зразумеўшы, успомніў, што хлеў пры хаце ў Гасцілавічах пабудаваны няўмела, не па-людску, без давадкой мужчынскай рукі. Як ні адганяў, як ні душыў яе, а туга ўчарэпілася за сэрца, як клешнямі рак. Нешта нейкае быццам засела ў ім, не давала спакою, рупіла мімаволі – не пакіну, не пакіну, не пакіну цябе. І было так, што аднаго разу надта хацелася салдату, каб зноў карагодзілі наўкола птушкі і зверына, каб сонца,пазычыўшы колераў у вясёлкі. Нізка хадзіла над вачыма і каб лепей вочы пры гэтым назаўсёды заплюшчыліся, толькі б не бачыць ні крытых бляхаю будынін, ні сытых, рахманых коней, ні замардаванага работай салдаціка і ні свілаватага нямецкага носа…

Вароты ў канюшню прачыніліся, і ў няпэўным святле змяркання паўстала перад ім танклявая баронава пакаёўка. Гаспадар клікаў яго, Вінцэся Шастака, да сябе ў дом. Незвычайнасць гэтага здзівіла палоннага. Але вырашыў – не заглядаць наперад. Дымела свілаватая люлька пад порыстым нямецкім носам. Гаспадар загадаў агледзець карэту. Шастак адказаў, што карэта агледжана. “Ошэн карашо!” – сказаў гаспадар і  загадаў, каб а пятай гадзіне раніцы карэта была запрэжана і каб ён, Вінцэсь Шастак, сядзеў на козлах. Тут гаспадар дакрануўся да ўласнай рукі пальцам правай, палец адскочыў, і немец, засмяяўшыся, зноў паўтарыў: “Ошэн карашо!” Раніцой, як карэта была запрэжана чацвёркай сытых буланых коней, палонны Вінцэсь Шастак сядзеў на козлах у тужурцы зялёнага сукна з высокім цвёрдым каўняром. Не дзіва, што гаспадару, прысадзістаму, тоўстаму немцу, такі малайчына-асілак прыйшоўся да спадобы, ён бы прыйшоўся да спадобы хоць каму. Папыхкваючы люлькай, гаспадар залез у карэту, і – дзіва! – коні-ткі скранулі з месца і павезлі гэтую няўклюдую цяжкую штуку з такім ездаком у дадатак. Неўзабаве яны пад’ехалі да станцыі, потым прыйшоў поезд, і з вагона выйшаў… ягоны немец! Той жа зялёны твар, тая ж лысіна, толькі вочы – не пашыраныя ад нечаканасці і страху, а напаўпрыжмураныя, улагоджаныя, і гэтая змена ў яго абліччы якраз і парадніла яго з гаспадаром. Немцы паціснулі адзін аднаму рукі, тоўсты пасадзіў у карэту лысага. “Браты!” – цвіліла думка мозг. Цяпер ён сядзеў на козлах, не робячы лішняга руху, каб не адцягнуць чым хаця ўвагі ад гутаркі, якая вялася паміж немцамі. Шырокая яго спіна, здавалася, ператварылася ў адно – велізарнае – вуха. За колькі месяцаў палону ён засвоіў багата нямецкіх  слоў і траха што не ўсё разумеў, але гаварыць – гаварыў слаба, ніяк не вымаўляў (не вылындыківаў – думаў ён пра гэта) ягоны язык многіх нямецкіх слоў, яны здаваліся яму калюча-сухімі, як аўсянае пер’е. Цяпер ён сабраў намаганнямі волі ўсё сваё ўмельства, каб  уразумець тое, што гаварылася за спінай. Чацвёра буланых коней лёгка цягнулі карэту. Надта сытыя коні, рахманыя, на жаль – рахманыя! Не, не было сумнення – гэта “яго” немец. Ён якраз апавядаў пра гэты выпадак, зусім неверагодны для нямецкага разумення, але няхай брат Отто дасць веры брату Фрыдрыху: так яно і было, што рускі выведчык прайшоў праз напоўнены вартай пакой, заарыштаваў яго і… Тут яны смяюцца. Хто памог? Отто, мусіць, забыўся, што ў іх ёсць яшчэ трэці брат. Ах, Карл! Дзе цяпер Карл? Дзіўны быў хлопчык, заўсёды плявузгаў на іх бацьку, помніш? Дзе цяпер гэты нягоднік, гэта маленькі даносчык, гэтае “благое качанё”? Карл Оперман як-ніяк афіцэр рускага штаба! “Ох-ох-хо!” – разам з дымам вылятае з шырокага рота не смех, а квакатанне.

 

Шкада, што коні – павольныя і рахманыя. Нічым іх не падагрэць!

Апублікавана 10.10.2016 в 14:41

Присоединяйтесь к нам в соцсетях
anticopiright Свободное копирование
Любое использование материалов данного сайта приветствуется. Наши источники - общедоступные ресурсы, а также семейные архивы авторов. Мы считаем, что эти сведения должны быть свободными для чтения и распространения без ограничений. Это честная история от очевидцев, которую надо знать, сохранять и передавать следующим поколениям.
© 2011-2024, Memuarist.com
Юрыдычная інфармацыя
Умовы размяшчэння рэкламы
Мы ў сацсетках