аўтараў

1484
 

падзей

204190
Рэгістрацыя Забыліся пароль?
Memuarist » Members » Baris_Mikulich » Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 6

Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 6

20.05.1915
Гасцілавічы, Мінская, Беларусь

Тры дні прыходзілі суседзі падзівіцца на кавалера двух Георгіяў, сядзелі і гутарылі, а больш – маўчалі. Тры дні дзівіўся Вінцэсь на Марылю і чатырохмесячнага сына свайго, на маленькі хлеў, які склалі без яго і не  па-людску, на вокны, якія асталіся без ліштваў. І нарэшце, каб заціснуць у сабе страх перад тым, што зноў прыйдзецца ісці на вайну, што ён тут толькі госць, убіўся Вінцэсь у работу. Ён шаляваў вокны, а сам пасміхаўся, сочачы за Марыляй: яна быццам пасталела, нат падрасла, пасыцела трохі ў целе, але ўсё ж асталася зграбнай. Невялікая ростам, яна не мітусілася, а хадзіла па дзядзінцы і хаце спакойна, станавіта. Гэта надта падабалася салдату, і ён горача любіў сваю жонку ў кароткія ночы пабыўкі. Але  нарэшце прыйшлося зноў прадзірацца праз натоўпы на станцыях, зноў трэсціся на калёсах і нарэшце апынуцца ў сваёй часці, якая за гэтыя месяцы- месяц шпіталя і месяц пабыўкі – прасунулася ўперад на тры вярсты. За дзень перад ад’ездам да Вінцэся прыйшла,  галосячы, братавая і прынесла паведамленне, што брат Аляксандр забіты ў Мазурскіх балотах. Браты ніколі не былі надта блізкія, але Вінцэсь іх гадаваў, на яго плячах яны з дзяцей зрабіліся хлапцамі, ажаніліся, ён іх выправіў на вайну. У іх, у братах, была тая ж кроў, што і ў ім ,  у іх як бы паклаў Вінцэсь частку свайго клопату і дбання, адным словам -  было заўжды прыемна, што недзе побач жывуць дужыя мужчыны, якія памогуць у бядзе і, калі патрэбна, падапруць плячом. І вось адзін з іх, Аляксандр, самы вясёлы з іх, спявак і  танцор, забіты недзе немцамі, а тут – б’ецца лебедзем маладая ўдавіца, а ім бы жыць і жыць. І дзіўным чынам сцішылася ў ім туга ад блізкага развітання, а досвіткам, калі Марыля, прытуліўшыся да яго грудзей, прымаркоцілася, ён пацалаваў яе і сказаў, што цяпер у яго ёсць на вайне клопат: паміж ім і немцам пралілася братава кроў. А ўжо  праз месяц ён ішоў у атакі, зарываўся ў мокрую зямлю, як рабілі ўсе навакол, і часамі шкадаваў, што не можа ваяваць так, як узімку, адзін на адзін з немцам. І аднаго разу, пры адступленні з разбуранага мястэчка, другі раз  няпрошаная куля трапіла ў Вінцэсеву спіну, ён распластаўся на зямлі, бо варухнуцца не даваў боль. Ён быў пры памяці і добра разумеў, што рускія адступаюць, што ўжо бягуць брудна-зялёныя прусакі ў атаку, што ён астаецца тут адзін, паранены, сырод ворагаў. Калі стала тіха, ён паспрабаваў быў паварушыцца, але надта балела шыя, а з левай рукой было нешта дзіўнае. Калі ён апіраўся на яе, дык па руцэ крыху паколвала, як калі здранцвее ці, робячы што, прыстукнеш палец абушком, і вось гэтае халоднае, мёртвае паколванне было дужа непрыемна. Няўжо ён ужо не выберацца адсюль, не разлічыцца з прусаком за братаву кроў? Цяпер,  лежачы ў самоце, на жываце, сярод абгарэлага бярвення, Вінцэсь Шастак лічыў канешне абавязковым помсціць за Шастакову кроў. Няхай халодная здранцвеласць у руцэ замінае паўзці, няхай пячэ ў шыі, нібы груган усеўся на рану і корпаецца дзюбай у ёй, - ён мусіць выбрацца адсюль,  мусіць узняцца на ногі, мусіць жыць.

 

Розныя пяялі птушкі над салдатам, калі ішло ў гаёчку світанне, розныя кветкі дзівіліся, павяртаючы галоўкі свае да салдата, махнатыя матылі і празрыстыя стракозы апускаліся на салдатаву спіну… Перад гэтым сем дзён і сем начэй поўз салдат лесам, знясілеў ушчэнт і супакоіўся сярод росных траў і вільготных імхоў. Мусіць, прыйшоў салдату канец, калі вялікая зялёна-сіняя страказа, як паўліняе пёрка, так спакойна апусцілася на ягоную спіну. Сядзіць страказа, а вось і руды мураш паўзе – непрыемны для страказы супольнік. Кранула крылцамі і порстка ўзнялася ў паветра, лёгкі шорах – няўжо гэта крылцы ўзнялі яго? У старой казцы апавядаецца, што чалавек памірае часткамі – спачатку ногі і рукі заміраюць, потым вушы перастаюць лавіць гукі, вусны сашчэпяцца, а вочы жывуць даўжэй усяго. У старой казцы апавядаецца, што чалавек памірае тады, калі не астаецца ў ім ніводнага жадання, ніводнага пачуцця, і даўжэй за ўсё жыве ў  чалавеку любоў да айчыны. Адно вока салдатава расплюшчылася, і ўбачыла яно жоўтую кветку, якая нахілілася ад цяжару вялікай пчалы, што села на яе. Піла пчала салодкі сок з кветкі, а вока глядзела, глядзела, нібы хацела ўвабраць у сябе і гэтую ненатольную пчолку, і яркую кветку з салодкім сокам, і нешта такое, чаго і не было тут – млоснае ліпавае квецце, пчаліны рай, абшалёваныя вокны вялікай вясёлай хаты… І ад таго, што гэтага апошняга не было тут, а толькі здагадвалася, салдат крануўся, паварушыў галавой і падняў твар ад зямлі. Зеленавата-цёмныя вочы, быццам вада ў рацэ, глядзелі на свет, і свет паўставаў перад  імі надта дзіўны:пчолы варухлівымі камамі лёталі то ўніз, то ўгору; кветкі, пераплёўшыся сцябламі, скакалі на палянцы; птушкі і дробная зверына,  пабраўшыся адзін за аднаго лапамі і крыламі, кружылі наўкола ў шалёна-шпаркім карагодзе… Нарэшце сонца, запазычыўшы колераў у вясёлкі, наблізілася да салдата і паплыло перад вачыма – чырвонымі, сінімі, зялёнымі, жоўтымі кругамі… Вінцэсь Шастак уздыхнуў, вырашыў, што трэба жыць, і заплюшчыў вочы.

Апублікавана 10.10.2016 в 14:36

Присоединяйтесь к нам в соцсетях
anticopiright Свободное копирование
Любое использование материалов данного сайта приветствуется. Наши источники - общедоступные ресурсы, а также семейные архивы авторов. Мы считаем, что эти сведения должны быть свободными для чтения и распространения без ограничений. Это честная история от очевидцев, которую надо знать, сохранять и передавать следующим поколениям.
© 2011-2024, Memuarist.com
Юрыдычная інфармацыя
Умовы размяшчэння рэкламы
Мы ў сацсетках