У 2012 годзе ў Лагойск разам са школьнікамі-краязнаўцамі прыехала загадчыца бібліятэкі №4 горада Бабруйска Калюта Святлана Віктараўна, каб пабываць у месцах, дзе пражываў Барыс Мікуліч. У гэты час я была там і арганізавала экскурсію. З тых часоў мы сябруем. Па яе запрашэнні я прымала ўдзел у мерапрыемстве, мэтай якога было прысваенне бібліятэцы імя Барыса Міхайлавіча Мікуліча ў снежні 2012 года. Арганізацыя мерапрыемства была на высокім узроўні, удзел прыняліі больш за 50 чалавек. Гэта былі артысты, пісьменнікі, работнікі ўстаноў адукацыі і культуры, гарадскога савета, дзеці музычнай школы, краязнаўцы, жыхары горада. Мне, як сваячцы, якая памятае Барыса Мікуліча, было да слёз прыемна, што яго імя не забыта народам. Улетку 2013 г. я разам з дачкой, унучкай, і дзвюма стрыечнымі сёстрамі наведала Бабруйск. С.В. Калюта прысвяціла нам ўвесь дзень для азнакамлення з горадам, месцамі жыцця, вучобы, працы Барыса Міхайлавіча.
Паколькі гісторыя жыцця і творчасці Барыса Мікуліча малавядома і малавывучана, я стала збіраць пра яго матэрыялы па бібліятэках і архівах, якія захаваліся з 1927 года. На жаль, зніклі ненадрукаваныя рукапісы твораў, лісты з архіву Акадэміі Навук. У 1936 годзе, спалохаўшыся ператрусу, цешча спаліла ўсе яго рукапісы. У 1942 годзе, пры першай спасылцы зніклі перададзеныя на волю рукапісы праз вызваленую жанчыну. Пасля раптоўнай смерці Барыса Міхайлавіча на працоўным месцы ў Сібіры знік партфель з яго творамі, над якімі ён працаваў у вольны час. Таксама знік яго дзённік, які чытаў наведаўшы яго сябар С. Шушкевіч. Мемарыяльная дошка на доме дзядулі, дзе жыў Барыс Мікуліч была выкрадзена. «Злы рок» пераследваў яго пры жыцці і не дае спакою пасля смерці.
Але пры ўсім гэтым, прыемна ўсведамляць, што пасля 100-годдзя з дня нараджэння Барыса Мікуліча яго творчым жыццём цікавіцца сучасная грамадскасць. Яго творы вывучаюцца ў школах, ВНУ, пра што ён і марыў. У працэсе пошукавай працы мне пашчасціла пазнаёміцца з невядомымі мне раней работнікамі літаратуры, якія з павагай і разуменнем аказвалі дапамогу ўнучцы Барыса Міхайлавіча, тым самым падкрэсліваючы любоў і павагу да пісьменніка і яго творчасці.