Месяц адлежваўся ён, марудна ўсведамляючы тое, што робіцца наўкола. Ляжаў ён на белай посцілцы, пад ёю – пахучае сена, есці яму прыносіў чалавек у форме рускага салдата, а перавязкі рабіў тоўсты немец з люлькай у зубах. Нос у немца і люлька, здавалася, былі зроблены з аднаго матэрыялу – сліваватага, порыстага. Пасля перавязак, пасля таго як груган спыняў сваё корпанне ў шыі, пот выступаў на ўсім Вінцэсевым целе, а ў ваччу зноў мітусіліся пчолы, птушкі, кветкі і зверына. Нарэшце ён паздаравеў, і адбылася паміж ім і салдатам, які яго даглядаў, гутарка.
Вінцэся Шастака знайшлі ў лесе работнікі немца Опермана, і апошні, агледзеўшы яго, загадаў перанесці ў свіран, а палоннаму, які ў яго рабіў, прыпаручыў даглядаць яго. Паводле закона, Шастака трэба было здаць у камендатуру, і ўжо адтуль, калі б ён выжыў, яго маглі аддаць якому-небудзь абшарніку ці фермеру, калі б не спатрэбіўся на што іншае. Аднак немец Оперман сам, мусіць, выправіў на яго паперу, і цяпер Вінцэсь Шастак стаў батраком, уласнасць пана Опермана. “У Опермана ў камендатуры рука”, - казаў палонны, які рабіў у немца ўжо год. Вінцэсь папрасіў паўтарыць прозвішча гаспадара. Потым доўга ўспамінаў і нарэшце ўспомніў, што ўжо чуў такое прозвішча: калі прыводзілі да яго ў палату пісьменніка Неміровіча-Данчанку, дык доктар сказаў: “Вось той салдат, які прывёў барона Опермана”.
“Гаспадар – вялікі пан?” – “Па-іхняму – барон”, - адказаў палонны. “Няўжо гэта мой немец?” – падумаў Вінцэсь і, калі прыйшоў час перавязкі, уважна ўглядваўся ў гаспадара. “Не, мусіць, падобныя прозвішчы. Як у Заазер’і – уся вёска Акулічы, а не радня ж”. Потым надышла пара, калі пчолы былі пчоламі рэальнымі і яны зусім не лёталі ўніз і ўгору вялікімі камамі, а птушкі( у уэканоміі было багата вераб’ёў) карміліся зернем і пацярухай і не скакалі ў карагодзе. Надышла такая пара, калі яму даручылі даглядаць коней. Іх было чатырнаццаць штук – сытых, буланых коней з даўгімі грывамі і хвастамі. Яны былі рахманыя, павольныя, надта цягавітыя стварэнні, стаялі ў пабеленай канюшні, крытай бляхаю. З чырвонай цэглы і таксама крытыя бляхай былі і кароўнікі, і ў іх стаяла сорак кароў, а пры іх было тры даяркі, і палонны салдат насіў сена, рэзаў сечку маленькім пераносным рухавіком. У адпаведнасці з канюшняй і кароўнікамі была і ўся гаспадарка. Ў эканоміі – усё з цэглы, усё пабелена, усё пад бляхаю і чарапіцай. Рабіла тут яшчэ восем немцаў, якія дзеля работы ў пана Опермана не пайшлі на вайну: гаспадарка пастаўляла сыр і масла для арміі. Сыраварня стаяла ў гонах трох ад кароўнікаў, а за ёю пачыналіся палі, засеяныя травой і карняплодамі. З другога боку, за канюшняй, пачынаўся садок, а ўжо за ім стаяў панскі дом, двухпавярховы, чырвоны, з вострым дахам пад чарапіцай. І ўсё – навокал дома, у садку, на полі – разлінавана, размеркавана і папарадкавана так, што толькі не хапае цэтлікаў. Вераб’ёў якраз столькі, колькі патрэбна, а калі б з неба ўпаў-ткі слімень, дык усе тыя, што жывуць у садзе, накінуліся б на някліканага чужаніцу і праглынулі б яго. Тут усё нібы казала Вінцэсю Шастаку: нас столькі, колькі трэба, і ніводнага больш не павінна быць, нас столькі, колькі хоча пан Оперман; гаспадару належаць тут не толькі коні, каровы, цасаркі, лугі, сыраварня, але і вераб’і, і мурашы, і хрушчы падпарадкоўваюцца яму. І, можа, таму, што ўжо хутка адчуў Вінцэсь на сабе гэты ўсеўладны закон падпарадкаванасці, былая туга прычапілася да яго і назаляла, як салдатка. Каб адвадзіць яе, ён люта ўбіўся ў работу; за дваццаць месяцаў вайны дужае цела селяніна, гаспадара збалелася па гаспадарцы, па конях, па каровах, але догляду за коньмі хапала толькі прыблізна на паўдня, а потым трэба было шукаць занятку ці па сваёй ахвоце памагаць палоннаму, выпадковаму таварышу па няволі. Работнікі-немцы трамаліся асобна, асобна і харчаваліся і не надта прыхільна ставіліся да Вінцэсевай дапамогі. Тут зусім не трэба было рабіць больш, чым гэта заведзена. Аднаго разу, агледзеўшы сваю канюшню, Вінцэсь вырашыў зрабіць колькі новых драбін, частку з іх паабгрызалі коні. Дастаўшы ў старога садоўніка інструмент, ён нагатаваў дошак і траха што не закончыў адну драбіну, як, глянуўшы, убачыў люльку і нос гасападара. Той агледзеўдрабіну, падышоў да Вінцэся, які стаяў з гэблем, без кашулі, крануўся пальцам Вінцэсевай рукі вышэй локця – гаспадароў палец адскочыў, быццам гумавы. Немец засмяяўся і сказаў: “Ошэн карашо!” – і, папыхкваючы люлькай, пайшоў. А ўвечары да Вінцэся ў канюшню прыйшоў палонны Сяргей (так звалі салдаціка) і, хаваючы вочы, сказаў, што работнікі пераказалі Вінцэсю, што ён робіць блага, бо двух работнікаў пан разлічыў і іх заўтра бяруць у армію, пагоняць на фронт, а работу іхнюю перапаручаюць яму, Вінцэсю. Толькі зарагатаў на гэта Вінцэсь Шастак, але чакаў раніцы з нейкай усё ўзрастаючай трывогай. Як дагледзеў коней, яго паслалі вазіць лубін; ён сам і зграбаў, і кідаў на воз, і вазіў, і, нарэшце, апярэдзіў у рабоце немцаў – за паўдня зрабіў столькі, колькі тыя ўчатырох. Праз тыдзень ён зноў убачыў гаспадарову люльку і свілаваты нос – гэта было на лузе, хмара сушанае канюшыны кіпела над возам, і гаспадар сказаў зноў: “Ошэн карашо!”