авторов

1429
 

событий

194761
Регистрация Забыли пароль?
Мемуарист » Авторы » Baris_Mikulich » Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 1

Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 1

10.09.1914
Гасцілавічы, Мінская, Беларусь

У  1914, увосень, на  трыццаць трэцім годзе свайго жыцця, пайшоў Вінцэсь Шастак на германскую вайну. Як звычайна, галасілі на выгане кабеты, праводзячы мужыкоў. Рыпелі колы, быццам адвячоркам драч. Вінцэсь глядзеў на свае боты, пад якімі бегла родная зямля, і злаваў на брата: “Гаспадар, не падмазаў колы, каб яго!..” Але маўчаў і не ўзнімаў ад зямлі вачэй, бо ведаў, што на выган выйшла і Марыля і глядзіць услед з такім выразам, ад якога кожны раз рабілася Вінцэсю блага. Каня паганяў меншы брат, пятнаццацігадовы Васіль; цяпер ён -“галава” вялікай сям’і:  тры браты, тры братавыя з дзяцьмі і Марыля, маладая Вінцэсева жонка, можа, на два гады старэйшая ад Васіля,а можа, і  меней. Хлапец таксама маўчаў, адно кідаў на брата позіркі – дзіўна, калі ішлі на вайну Міхась, Аляксандр і Вацік, дык пілі столькі гарэлкі, колькі за ўсё жыццё не выпілі, а гэты, старэйшы, а ні кроплі ні глынуў. Гэта ж скора даедуць да воласці, і Васіль,  сцёбаючы пугай, быццам знячэўку зачапіў локцем Вінцэся. А калі той нарэшце глянуў на меншага, выцяг з кішэні прыпасеную паўкварту і яблык, даў брату. “Разбэсціцца, халера”, - зноў падумаў Вінцэсь, узяў бутэльку і траха што не ўсю выпіў набгом. Васіль праглынуў сліні. Як выпіў Вінцэсь, убачыў сіняе павуцінне, тонкае, трапяткое. Якое праплыло, а потым, як зашумела ад самагону ў галаве, дык гэтым павуціннем скрозь усё паветра ўкрылася, як туманам, і яно больш ужо не знікла, а як бы  плыло разам з калёсамі.

Цалуючыся з братам на развітанне, Вінцэсь строга сказаў: “Даглядай і не крыўдзі”,-і зноў успомніў Марылю, бледны твар яе, недарубленую хату. А ў вушшу чамусці пранеслася песня, ужо адпетая: “Дадому, госцейкі, дадому…”, аднак хутка знікла яна, бо ўжо была іншая: “…і раз, і два, і гора не бяда, салавеюшка жалабна пяе…”  Потым пайшлі такія дні, што не было больш-менш значнага часу, каб пасядзець ды ўспомніць усё як след. Такія дні, калі яфрэйтар крычаў: “Лажы-і-ісь!”, калі моклі ў акопах, беглі  ўначы на немца, а немец бег на іх, калі адным словам, наступалі і адступалі, балела цела нават у цяжкім сне і часам соладка смылела пад сэрцам. Потым ударылі марозы, усё чыста пакрылася снегам, і ў свеце, заснежаным, прабраным, як нябожчыка прыбіраюць у белую палатняную адзежу, у чыстым свеце запанавала дзіўная цішыня. Надта было холадна, але ўжо добра, што не крычалі  “лажы-і-ісь”, не ганялі разам з усімі то ўперад, то ўзад, не свісцелі над галавой кулі – да гэтага тонкага ціўкання ніяк не мог прызвычаіцца радавы Кутаіскага палка Вінцэсь Шастак. Цяпер хадзілі ў заставы, а часцей – у “сакрэты”, і ў большасці адседжваліся ў акопах, зрэдку пастрэльваючы ў бок немцаў. І ад таго, што мозг у Вінцэся не быў заняты чым хаця незалежным ад яго, было багата часу, каб успамінаць – і Марылю, і родныя Гасцілавічы, і ўсё чыста сваё жыццё.

Опубликовано 10.10.2016 в 14:23
anticopiright
. - , . , . , , .
© 2011-2024, Memuarist.com
Idea by Nick Gripishin (rus)
Юридическая информация
Условия размещения рекламы
Поделиться: