Аднаго разу стала вядома, што паліцыя склала спісы ўсіх тых, на каго падае падазронасць, што чакаюць толькі загаду з тайнай паліцыі, каб схапіць гэтых людзей і закатаваць. Аднаго разу ўначы прыйшлі тры чалавекі да Вінцэся, і сярод іх быў Алёшка. Яны папрасілі пераапрануцца, надта спяшаліся, нават не дакрануліся да матчынага пачастунку. Алёшка ўсё хаваў ад Марылі свае вочы, а на яе распыты пра жонку, пра Васіля ўсё адказваў, што скора сама сустрэнецца і пагаворыць. Потым сын спытаўся ў бацькі, ці не ведае ён, хто з гасцілавіцкіх мог перадаць немцам звесткі. Вінцэсь сказаў, што, бясспрэчна, гэта Ігнась, ён нешта падняў хвост і часта бегае ў камендатуру ў мястэчка. Алёшка ціха сказаў да чарнявага слова, і той пайшоў з хаты. “Нам вядома, - сказаў Алёшка, што спісы ў Опермана, іх трэба, канешне, дабыць”.
І калі яны пайшлі з хаты, Марыля зразумела, што яны пайшлі ў мястэчка. Яна зрабіла крок да дзвярэй, хацела бегчы за сынам, пераняць яго, але спакойныя вочы старога прыкулі яе да месца. “Эх, - сказаў ён сам сабе, каб не мае гады!..”
Гэта было так (вельмі проста і трохі неверагодна, але сведкі сцвярджаюць гэта): яны ўтрох прыйшлі ўначы да камендатуры, выставілі раму ў акне, якое выходзіла на абрывісты бераг ракі, знайшлі ў шуфлядзе ўсё, што ім было патрэбна. Адзін з іх, той самы чарнявы, які хадзіў да Ігнася, ужо вылез з акна і скрыўся ў цемры, як адчыніліся дзверы і ўвайшоў у пакой Оперман. Алёшка кінуўся на яго, схапіў за горла, але той так моцна захрыпеў, што іх пачулі ў суседнім пакоі, узняўся вэрхал. Гітлераўцы вырашылі выкарыстаць гэты выпадак, каб знайсці след да партызан. Яшчэ да відна сагналі яны ўсіх жанчын у мястэчка, кожную з іх праводзілі ў пакой, дзе быў Алёшка. Акрываўлены, у падзёртай вопратцы, збіты, але жывы, і пыталіся – чый ён. Праходзіла чарада жанчын, глядзела ў вочы Шастака, і ўсе яны казалі – не ведаем, прайшла паўз яго родная маці, бледная і строгая Марыля, глянула ў вочы сыну і сказала: не ведаю. Тады заківаў пальцам царкоўны стараста: “Вядзі сюды гасцілавіцкага Вінцэся, гэта, здаецца, ягоны сын, быць не можа, каб бацька выракся сына”.
Марыля, як выйшла з камендатуры, пабегла гародамі, полем, каб заспець у сяле Вінцэся, але гора і роспач скулі яе цела, яна выбілася з сіл, падала і ніяк не магла адолець гэтыя тры вярсты. Тут ёй трапіўся суседскі хлопчык, і яна сказала яму: “Бяжы, перакажы Вінцэсю, каб…” – але тут нешта кальнула кабету пад грудзі. Кроў хлынула з горла, і яна павалілася на траву. “Не ведаю, не ведаю, не ведаю!” – шапталі збялелыя вусны, яна пальцамі чаплялася за траву, за родную зямлю, і яна – родная зямля нібы ўліла ў яе сілы…Жанчына паднялася і, як прывід, ступіла па сенажаці крок, другі. Выпрастала зламаную горам спіну і пайшла ў Гасцілавічы. На выгане яе перанялі дзеці, сказалі, што дзед з унукам на руках падаўся да Барысавага кургана, і яна сказала, што гэта – надта добра, і засмяялася белагаловай дзятве. І тыя пайшлі з ёю, шчабечучы птушкамі, пераказваючы навіны. Прыйшоўшы з імі да сваёй хаты, Марыля вынесла ім драўляную чашку з мёдам і Толікавы цацкі – кубікі, цягнік, малаточак, бляшаныя баначкі з цвікамі, са стрэленымі патронамі… Дзеці рассыпаліся па дварэ, іхні смех звінеў, як жаўрук над жытам, а Марыля, стуліўшыся да дзвярэй, паўтарала, пасміхаючыся: “Не ведаю…” Потым, як “чорныя бобікі” падпалілі Гасцілавічы, як прыйшлі спецыяльна падпаліць хаты Шастакоў – яны маглі ўстаяць, бо былі на водшыбе ад сяла, на ўзгорках – не было як зайсці ў хату, бо на парозе ляжала нябожчыца.