Уначы пабразгалі ў шыбу, Марыля пайшла адчыняць, войкнула ў сенцах так, што Вінцэсь падняўся таксама, але ў хату ўвайшлі, і знаёмы голас сына Алёшкі загадаў не запальваць святла. “Сынок!..” Колькі месяцаў аб іх нічога не было чуваць!.. “ Ну як? Ці жывы, здаровы?” Марыля ўжо ўпоцемку ставіла на стол ежу, а Алёшка ціха смяяўся ад радасці і ціха казаў, што іх - сіла і скора пра іх пачуюць. Ён прыйшоў даведацца,хто з гасцілавіцкіх перакінуўся да гітлераўцаў, а напрыканцы дамовіўся з бацькам, што іхняя хата будзе месцам, куды будуць сыходзіцца людзі, якім трэба да партызан, хто з сяла іх будзе пераймаць і выводзіць да Барысава кургана. Папярэдзіў, што ўсё гэта трэба рабіць так, каб немцы і “ чорныя бобікі” не ўбачылі і не дачуліся. Убраць Гойку? Гэта яны зробяць у першую чаргу. Каго яшчэ? Хто з сяла асабліва старанна выслугоўваецца ў фашыстаў? У нядзелю Гойкі не будзе на гэтым свеце, а ўначы хай бацька зробіць так, каб усіх эсэсаўскіх кароў перагнаць да кургана і там здаць іх партызанам. Вялікая варта? Нічога, ён – стары салдат, ён сам вырашыць, як лепей зрабіць. Але так, каб “ не засыпацца”, бо бацька патрэбен тут, у сяле. Потым трэба кулямёты з ракі павыцягваць і таксама прывезці пад курган. “ Я зраблю гэта з бабамі, як бялізну мыць пойдзем”, - раптам сказала Марыля, і сын падзякаваў. Потым Алёшка знік у цемру, у ноч, а Вінцэсь яшчэ доўга стаяў на ганку, прыслухоўвашся да ночы і чуў толькі шолах лісця на старой ліпе. Думаў пра тое, што Алёшка хоць і аграном, але яго пароды, і што трэба ворага браць за горла. Пасля было так, што Сяргеева ўдава заклікала да сябе на пачастунак паліцаяў – аддзякаваць за тое, што аддалі Сяргеева цела, а Вінцэсь, Міхась з суседзямі Селехам і Красутчыкам паадчынялі кароўнікі і выгналі кароў пад Барысаў курган. А калі хапіліся “чорныя бобікі”, дык праклялі ўдовін пачастунак, пабеглі да старасты, да Гойкі, аж заспелі толькі цёплую пасцелю, а Гойкі ў ёй не было. Пярэпалах залунаў над сялом, спуджаны птах трывогі забіў крыламі.