У 1947 годзе, калі мне было сем гадоў, я ўпершыню ўбачыла Барыса Мікуліча ў вёсцы Церахавічы (ўскраіна Лагойска) у свайго дзядулі — Мікуліча Вінцэся Антонавіча. Барыс мне запомніўся мужчынам сярэдняга росту, сівы, стройны, хуткі ў размове і рухах, таварыскі. На ім быў пінжак у дробную клетку гарадскога крою. Такога адзення ў вясковых жыхароў не было. Барыс Міхайлавіч прыехаў па запрашэнні яго стрыечнага брата і майго дзядулі Вінцэся, а таксама маёй бабулі Анці Андрэеўны. Гэта адбылося пасля дзесяцігадовага адбыцця Барыса ў лагеры. Той час для яго быў цяжкім. Бабуля Анця, вельмі добрая, спагадная, часта наведвала царкву і спачувала сіротам з Бабруйска. Барыс Мікуліч ўжо бываў у нас у юнацкім узросце, калі застаўся сіратой. Пазней у Церахавічы неаднаразова прыязджала і меньшая сястра Барыса — Марыя Міхайлаўна (Мура).
У вёсцы побач з намі жылі два меньшых брата дзядулі — Міхась і Аляксандр. Недалёка, у вёсцы Міхалава жыла сястра Анця (у замужжы Фурс). У Бабруйску ж пражывала сястра Вера Антонаўна, якая і даглядала малалетніх дзяцей — Барыса і Марыю. Братоў і сясцёр у дзядулі было шмат, ён быў старэйшым. Хата ў дзядулі складалася з двух палоў (пяцісценак). У першай, палове, пярэднім пакоі, дзе была печка, праводзіліся ўсе гаспадарчыя працы і жылі гаспадары, у другой, святліцы, жылі госці. Барыс Міхайлавіч наведваў ўсіх сваякоў, знаёмых, гутарыў з імі, а таксама прыходзілі да яго сваякі, жыхары вёскі, журналісты, маладыя мясцовыя пісьменнікі, старшыня калгаса і іншая інтэлігенцыя. Ён з усімі гутарыў і атрыманы матэрыял увасабляў у творы.
У аповесці “Жыццяпіс Вінцеся Шастака” прататыпам галоўнай дзеючай асобы з’яўляецца мой дзядуля Вінцэсь, а прозвішча Шостак, аўтар запазычыў у суседа. У творы апісана жыццё дзядулі ў мастацкім афармленні. У аповесці “Зялёны луг” апісваецца побыт сялян таго часу. Назва аповесці было запазычана ў вёскі, якая размяшчалася праз рэчку ад дзядулевай хаты. Для плённай працы пісьменніка ў нас ствараліся спрыяльныя ўмовы і, таму, было напісана шмат твораў.