authors

1470
 

events

201594
Registration Forgot your password?
Memuarist » Members » Baris_Mikulich » Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 15

Жыццяпіс Вінцэся Шастака - 15

10.10.1940
Масква, Маскоўская, Россія

У бясконцых клопатах, у гарачай рабоце праходзілі дні  ў калгасе “ Заветы Ільіча”. Вечарамі моладзь збіралася ў клуб, сын Сяргея прыходзіў з баянам, граў вальсы і полькі, пары кружыліся пад музыку. Часам заходзіў у клуб старшыня, але ёсё яго рупіла, і доўга ён не сядзеў на месцы – увесь час у калгасе што-небудзь або будавалася, або перабудоўвалася, і тут ён не толькі кіраваў і вучыў, а і сам браў гэбель ці сякеру і рабіў разам з цеслярамі. Паміж бярвення і дошак тут жа гуляў Толік, набіраючы сабе для будоўлі кавалак дрэва. “ Пойдзе па дзеду”, - казалі пра малога. Алёшка вучыўся за агранома, але трэба было паглядзець, як такі прымусіў бацька сына стаўляць кроквы, калі будавалі сушню. Мацнеў, рос, пашыраўся калгас, ужо суседнія дзве вёскі ўліліся ў яго. Спецыялісты прызналі, што калгасны жывёльны двор – узорны, што высокія пабеленыя кароўнікі і стайні пабудаваны  і спланаваны так, што такія варта будаваць і ў другіх калгасах. Аднаго разу Алёшка прыступіў да бацькі і сказаў, што яму абрыдла сядзець у земаддзеле і што ён адпрасіўся ў “ Заветы Ільіча” за агранома, і Вінцэсь сказаў на гэта сыну – добра. Дзед зрабіў Толіку маленькія драўляныя кубікі, а Сашка,  які цяпер хадзіў у дзясяты клас, на кожным з кубікаў панапісваў літары чырвонай і чорнай фарбай, але Толік покуль што ахвотней будаваў з гэтых кубікаў дамы і заводы, масты і паязды, чым засвойваў літары. Але калі Сашка злаваў, што той – абібок і дурны, дык за малога заступаўся дзед і казаў: “ Не чапіся хаця да хлапца, ён прыгледзіцца і запомніць”. І Толік, хітра падміргваючы, згадзіўся: “ Ага…”

Аднаго разу Вінцэсю Шастаку давялося-ткі правесці ў калгасным клубе ўвесь вечар, і ў гэты вечар нікуды не рупіла яму ісці. Старшыню ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго павезлі з іншымі беларускімі калгаснікамі. Адзначанымі ўрадавай узнагародай, у Маскву ў Крэмль. Ордэн ён атрымаў з рук Міхаіла Іванавіча Калініна. Калінін глядзеў у вочы Вінцэсю Шастаку, той – яму, паціскаў, вітаючы, руку, а Вінцэсь і не бачыў вачэй, іх як бы не было, а было залатое ззянне глыбіні , якое і завуць чалавечай душой.

 

Дык аб усім гэтым, канешне, трэба было расказаць гасцілаўцам у калгасным клубе. Нарэшце, трэба было  ўсё гэта “ замачыць” – а справа была якраз па дажынках, значыць, і свята падышло – і яны ўсе паселі за доўгія сталы, а на сталах было: белыя караваі, кароны масла, гурмы надта спелых яблык, а ў драўляных пісаных місках – залаціста-зялёны мёд, а ў шклянках паблісквае нарэлка. І Вінцэсь Шастак не толькі выпіў, не пільнуючыся меры, але і патанцаваў з маладымі дзяўчатамі, а пасля, як ішлі ўсёй сям’ёй дахаты, ён нават, смеючыся, успомніў старую салдацкую песню: “…і раз, і два, і гора не бяда, салавеюшка жалабна пяе”. І хоць была залатая восень, а салаўі ўвосень не спяваюць, але нейкая птушка, далі-бог, спявала над ракой – то доўгімі залівамі, то асобнымі кольцамі, нібы званкамі, то пасвіствала, - бадай цябе бадай, гэтую нястомную птушку, і сну на яе няма. І як сунялася Марыля падсміхацца з Вінцэся, што ён, мусіць-ткі, дагадзіў дзеўкам сваімі скокамі, ён сказаў, што цяпер такі ажыццявіць старую задуму. Сын Сашка спытаў – якую? А Вінцэсь, песцячы вялікай сваёй рукой Толікавы белыя валасы  ( дзед і унук – сівыя, жартавалі сваякі), пачаў расказваць, якія былі ў барона Опермана будыніны, крытыя бляхай і чарапіцай, толькі надта змрочныя і … нудныя, ён бы будаваў іх не такімі. Ён бы будаваў так, каб была прастора, многа паветра, каб вока цешылася, гледзячы на іх, каб хацелася працаваць і працаваць каля іх… І вырашыў  у той вечар Вінцэсь Шастак  паставіць на праўленні пытанне аб будаўніцтве цагельні, хоць бы невялікай на першы час. “Скарэй школу канчай ды ў будаўнічы інстытут паступай”, - сказаў бацька да Сашы. А той, разбіраючыся нехаця на ноч ( на канцы сяла яшчэ чуліся ўсплёскі баяна), сказаў, што будзе вучыцца на лётчыка. “Расце, - лагодна падумаў Вінцэсь Шастак, - лётчык, халера…”

10.10.2016 в 15:09

Присоединяйтесь к нам в соцсетях
anticopiright Свободное копирование
Любое использование материалов данного сайта приветствуется. Наши источники - общедоступные ресурсы, а также семейные архивы авторов. Мы считаем, что эти сведения должны быть свободными для чтения и распространения без ограничений. Это честная история от очевидцев, которую надо знать, сохранять и передавать следующим поколениям.
© 2011-2024, Memuarist.com
Idea by Nick Gripishin (rus)
Legal information
Terms of Advertising
We are in socials: